«Хочацца, каб людзі
закахаліся ў Бабруйск»
Бабруйск адметны тым, што мясцовыя краязнаўцы ды гісторыкі даволі часта не пагаджаюцца адно з адным наконт звестак пра горад. Першыя будуць даводзіць, што тут былі падземныя хады праз Бярэзіну, другія – што гэта лухта. Адны – што крэпасць знішчыла горад, другія – што ўзбагаціла і дала штуршок для развіцця. І гэтак па многіх і многіх пытаннях. Я ж хачу расказваць гарадскія міфы і легенды, не больш. Бо гэта і ёсць тое, што любое месца ў свеце робіць прывабным і магічным.
Як каралева Цэцылія Рэната валадарыла Бабруйскам
Бабруйск перажыў цікавую гісторыю, мяняліся дзяржавы, у склад якіх ён уваходзіў, мяняліся гаспадары. У гэтым падкасце – гісторыя пра тое, як нашым горадам валодала каралева Рэната Цэцылія, дачка імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Чаму ёй не даспадобы прыйшоўся наш горад, і яна вырашыла будаваць новы, перацягнуўшы туды жыхароў Бабруйска? І як у выніку маскоўскія войскі зруйнавалі абодва гарады, але наш адрадзіўся. Пра ўсё гэта – у першым выпуску падкасту «Міфічны Бабруйск».
Міфічны Бабруйск. Падземнае жыццё Бабруйска
Як і амаль кожны старажытны еўрапейскі горад, Бабруйск мае падзямеллі. Большасць з іх засыпана, а ў дадатак ахутана таямніцамі ды міфамі. Але ці праўда тое, што ў нашым горадзе існаваў падземны банк езуітаў і шлях пад Бярэзінай? Даведаемся, што кажуць гарадскія легенды ў другім выпуску падкасту «Міфічны Бабруйск».
Бабруйскія прывіды ды раз’юшаны старажытны дух
У Бабруйску нямала легендаў пра прывідаў, і некаторыя з іх сапраўды вусцішныя. Сёння раскажу, як раз’юшаны старажытны дух палохаў сям’ю, і дзе знаходзяцца месцы, якія ўпадабалі здані, што перыядычна паказваюць сябе гараджанам. Асцярожна, будзе страшна! Абавязкова пішыце ў каментарах, ці верыце ў існаванне паранармальных з’яваў, і ці даводзілася сутыкацца з нечым падобным.
Чаму ў Бабруйск пачатку 20 стагоддзя так імкнуліся трапіць злодзеі, і чаму менавіта ў нашым горадзе з’явілася першая арганізаваная банда ў незалежнай Беларусі? І пры чым тут старая архітэктура? У гэтым выпуску падкаста «Міфічны Бабруйск» падрыхтуйцеся паслухаць не толькі легенды, але і рэальныя факты!
У гэтым выпуску падкаста «Міфічны Бабруйск» даведаешся, якія святыя жылі, або заязджалі па справах у наш горад, а таксама пра тое, чым яны заслужылі быць кананізаванымі сваімі цэрквамі. Прыгадаем, ці захаваліся ў Бабруйску будынкі, у якіх маліліся гэтыя людзі.
У час будоўлі Бабруйскай крэпасці планавалася, што форт Фрыдрых Вільгельм і вежа Апермана будуць абараняць межы імперыі. Тым не менш большую частку свайго існавання гэтыя ўмацаванні гралі ролю вязніц – у асноўным, для палітычных апанентаў. І падобных месцаў зняволення ў той час было дастаткова, але чамусьці менавіта бабруйская катарга надзвычай моцна палохала арыштантаў. Магчыма, тут спраўды існавала “яйка-камера”, апісаная Пікулем? Даведаемся, што кажуць гарадскія легенды.