Хочацца, каб людзі закахаліся ў Бабруйск

Бабруйчанкі робяць падкаст пра міфы і легенды горада – «Міфічны Бабруйск». У якім паказваюць гісторыю з іншага боку – таямнічага, прыгодніцкага, а часам нават да дрыжыкаў у каленках страшнага. Але што застаецца за кадрам? Колькі патрэбна дубляў, каб запісаць выпуск на дзесяць хвілін і адкуль увогуле бяруцца міфы? Пра гэта (і не толькі) паразмаўлялі з Алесяй Лацінскай, аўтаркай «Міфічнага Бабруйска».

Як з’явілася ідэя распавядаць пра міфы Бабруйска? І чаму менавіта міфы, а не, напрыклад, які-небудзь трукрайм, які зараз вельмі папулярны?

– Ідэя рабіць падкаст пра гарадскія міфы і легенды з’явілася пару гадоў таму. Але перадгісторыя яшчэ больш доўгая. Некалі я задумалася пра тое, чаму ў Бабруйску даволі непрыязна некаторыя краязнаўцы ставяцца да гарадскіх легендаў – маўляў, гэта несур’ёзна, ненавукова, спрэчна. Але калі здаралася бываць на экскурсіях у іншых краінах, там гіды смела і не саромеючыся нават усялякую фантастыку выдавалі за гістарычныя факты. І турыстам, у тым ліку мне, гэта вельмі падабаецца. Бо па навуку, гісторыю, якая таксама даволі спрэчная штука, можна звярнуцца ў падручнікі ды спецыялізаваныя крыніцы, а для адпачынку, каб спазнаць дух горада, патрэбныя легенды.

Так некалькі год таму мы з мастачкай Васілісай Палянінай, з падтрымкай вядомай у Беларусі грамадска-культурніцкай кампаніі, зрабілі серыю з 12 паштовак «Бабруйскія гісторыі», дзе былі як рэальныя факты, так і міфы. Я бачыла, што такі прадукт быў цікавы людзям, бо да нас нічога падобнага ніхто не рабіў, многія прасілі працягнуць серыю. Але зрабіць гэтае пакуль не атрымалася, спадзяюся, толькі пакуль.